イベントに戻る
Выстаўка «ZOOART II. МАСТАЦТВА НА ЛАПАХ»
Выстаўка «ZOOART II. МАСТАЦТВА НА ЛАПАХ»
З 5 лістада 2026 года ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага пачала работу выстаўка скульптуры, дэкаратыўнага мастацтва, графікі «ZOOART II. МАСТАЦТВА НА ЛАПАХ».
«ZOOART II» – гэта другая групавая мастацкая выстаўка твораў у анімалістычным жанры, падрыхтаваная секцыямі скульптуры, дэкаратыўнага мастацтва і графікі Беларускага саюза мастакоў. Нароўні з прызнанымі майстрамі ў праекце прымаюць удзел студэнты і выпускнікі мастацкіх навучальных устаноў Беларусі.
Выстаўка дазволіць аматарам жанру ўбачыць буйную калекцыю анімалістычных твораў, сабраную ў прасторы адной галерэі, адкрыць для сябе новыя імёны мастакоў і пазнаёміцца з арыгінальным бачаннем дадзенай тэмы ў сучасным мастацтве.
Анімалістычная тэматыка адначасова знаходзіцца ў баку ад мэйнстрымных працэсаў у культурным жыцці краіны, і пры гэтым не губляе папулярнасці ў коле беларускіх мастакоў і нязменна выклікае вялікую цікавасць у гледача.
І гэта не дзіўна: менавіта жывёлу першай са свайго асяроддзя чалавек паспрабаваў увасабіць у выяўленчым мастацтве. Жывела заўжды была побач і нагадвала аб неад'емнай сувязі з прыродай. Сярод некаторых братоў нашых меншых чалавек знаходзіў памочнікаў і кампаньёнаў, а іншыя заставаліся для яго аб'ектам любавання, крыніцай натхнення, увасабленнем прыроднай грацыі і такіх якасцей, якія недаступны чалавеку. За кожнай скульптурай, арт-аб’ектам, графічным лістом стаіць мастак, чый погляд і рукі ўвекавечылі мімалётную прыгажосць аблічча і рухаў звяроў, рыб, птушак, перадалі яе праз рэалістычную дэталізацыю формы альбо наадварот – праз стылізацыю, што балансуе паміж архаікай і футурызмам. І не так важна, ці мае твор рэальны прататып у жыцці: часам выдуманыя сюжэты і фантастычныя істоты бударажаць фантазію, дазваляюць адысці ад мітусні штодзённасці і адчуць сябе часткай сусвету ў яго разнастайнасці.
Творы, якія дэманструюцца ў экспазіцыі, выкананы мастакамі рознага ўзросту і светапогляду з выкарыстаннем разнастайных матэрыялаў, форм, мастацкіх рашэнняў. Яны безумоўна адразу прыцягнуць увагу, настрояць на асаблівы лад і не пакінуць наведвальнікаў абыякавымі.
Кошт білетаў:
10,00 руб. – для дарослых;
6,00 руб. – для студэнтаў ВНУ;
4,00 руб. – для навучэнцаў школ і каледжаў.
Час работы:
серада – нядзеля, 11:00–19:00 (каса да 18:30)
пл. Свабоды, 15
+375 17 270 43 66