イベントに戻る
Выстаўка «Чароўны свет карунак»
Выстаўка «Чароўны свет карунак»
1 снежня ў Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я пачне працу выстаўка «Чароўны свет карунак», на якой будуць экспанавацца карункі ручной работы XX стагоддзя з музейнага збору Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
Карункапляценне – адзін з відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які звязаны з ручным або машынным вырабам карунак. Карункі – гэта ажурны тэкстыльны выраб, што ўтвараецца ў выніку перапляцення нітак. Асноўная функцыя карунак – дэкаратыўная. Іх выкарыстоўваюць для аздаблення адзення (каўняры, манжэты, шалі і г.д.), пасцельнай бялізны (навалачкі, пакрывалы і г.д.), інтэр’еру (абрусы, ручнікі, фіранкі і г.д.). Мастацтва карункапляцення называюць «народжаным у цішыні і цярпенні», бо яно патрабуе ад майстрыхі асаблівай увагі і засяроджанасці.
На выстаўцы «Чароўны свет карунак» будуць прадстаўлены прылады і матэрыялы для вырабу карунак, а таксама гатовыя вырабы, умела і беражліва выкананыя беларускімі жанчынамі – нашымі бабулямі і прабабулямі.