Назад к событиям
Кучараўкі, розы, гайстры — цацкі
Это мероприятие уже состоялось.
Концерт 23 Июнь 2026 10:00 Заславль

Кучараўкі, розы, гайстры — цацкі

З 23 чэрвеня 2026 музейна-выставачная зала Музея-запаведніка „Заслаўе“ запрашае вас у прастору, дзе час перастае быць лінейным. Тут экспануецца выстава — своеасаблівая „капсула часу“, дыялог паміж мінулым і сучаснасцю, паміж невядомымі майстрыхамі мінулых стагоддзяў і сённяшнімі мастакамі. Аднак грунтуецца яна не проста на тэхніцы або стылі, а на сімвалах, якія суправаджаюць чалавека тысячагоддзямі. Назва выставы „Кучараўкі, розы, гайстры — цацкі“ з’яўляецца цытатай з дыялектычнага слоўніка Т. Янкоўскай. На Гомельшчыне, у Лоеўскім раёне, казалі: „Што такое цацкі? — Дак етаж цветы, што у вазонах“ (в. Бывалькі Лоеўскага раёна). Тэхніка цацкавання — упрыгожвання ручнікоў, куфроў і інш. кветкамі, — найбольш улюбёная майстрамі цягам стагоддзяў. КВЕТКА Ў ВАЗЕ: СІМВАЛ, ЯКІ НЕ ЗВЯДАЕ Хто з нас не хадзіў па лугах і лясах, не збіраў увесну першых кветак, не любаваўся летнім дываном палёў, не маркоціўся ўвосень, калі прырода засынае? Кожны з нас хаця б раз прыносіў дадому букет красак, каб праз яго захаваць свае ўражанні, думкі, мары. Кветкі ўпрыгожвалі пакой, чаравалі, напаўнялі цяплом і водарам. Невыпадкова цягам многіх стагоддзяў у графіцы і жывапісе, у разьбе па дрэве і кераміцы, у вышыўцы і ткацтве мы сустракаем выяву букета кветак. Гэтая простая, сціплая тэма узятая з жыцця. Кожным разам яна трактуецца па-новаму, напаўняецца новым зместам, новымі сэнсамі і роздумам. Матывы букета атрымалі распаўсюджанне і ў разьбе па дрэве, якая займала важнае месца ў аздабленні дамоў і іх інтэр’ераў: упрыгожвалі сцены, дзверы, вокны, мэблю, аканіцы з ліштвамі. Дзякуючы характару матэрыялу яны гучаць мякка, лірычна. А букеты, напісаныя на дрэве фарбамі, вызначаюцца багаццем адценняў каларыстычнага характару. Зусім новы змест набывае малюнак цацкі ў букеце ў народным ткацтве і вышыўцы. Посцілкі, ручнікі, фартухі, сарочкі — хіба можна пералічыць усё тое, на чым з’яўляецца выява тэй цацкі-краскі? То яны пастаўлены ў даўгі ланцужок — сімвал падарожжа, аповеду; то побач з імі з’яўляюцца фантастычныя птушкі і звяры, якія ўносяць у сюжэт смутак, роздум, трывогу; то ўвасабляюцца ў мару пра райскае жыццё і вечнае шчасце. Малюнкі букета зачароўваюць сваёй „музыкай“ ліній, непаўторнай каларыстычнай гармоніяй. АД КАФЛІ XVII СТ. ДА DIGITAL: ВАНДРОЎКА ПРАЗ СТАГОДДЗІ На выставе вы ўбачыце, як старажытны сюжэт трансфармуецца ў сучасных працах. Побач з рарытэтамі з фондаў — кафляй, набіўнымі дыванамі, батлейкай, іконамі, багатай калекцыяй жаночай вопраткі і фартухоў, упрыгожаных кветкамі, а таксама традыцыйнымі ручнікамі — паўстаюць творы сённяшніх аўтараў. Гэта і digital-станцыя Валерыі Селівонец, і тактыльная кафля Ксеніі Сямашкі, і калекцыя талерак Вольгі Жарнасек, створаная паводле матываў заслаўскіх маляванак, і драўляныя вырабы Ірыны Бельскай. Асобнае месца займаюць карціны самародкаў — Ніканора Зосіка і ананімных аўтараў. Гэтая выстава мае асаблівае значэнне: яна прысвечаная 40-м угодкам заснавання Гісторыка-культурнага музея-запаведніка „Заслаўе“ на базе Заслаўскага гісторыка-археалагічнага запаведніка. За чатыры дзесяцігоддзі Запаведнік назапасіў унікальныя калекцыі, якія сталі сапраўднымі сведкамі гісторыі. Прадметы, прадстаўленыя тут, уяўляюць дыялог-прамову — гэта вынік шматгадовай экспедыцыйнай і збіральніцкай дзейнасці некалькіх генерацый навуковых супрацоўнікаў. Яны збіраліся ў розныя гады, у розных рэгіёнах краіны і сёння захоўваюцца ў фондах Запаведніка як бясцэнныя артэфакты народнай культуры. Прыходзьце, каб убачыць, як скрозь стагоддзі прарастае жыццё, і стаць часткай гэтай прамовы
Когда
Вторник, 23 Июнь 2026
10:00
Где Карта
Государственное учреждение «Историко-культурный музей-заповедник „Заславль“»
Заславль
ул. Рыночная, 4, 223036, г. Заславль, Минская область, Республика Беларусь Даведкі і запіс на экскурсіі:
Источники museum.by
Belarus Virtual Consult Assistant AI · public data only