Назад к событиям
ВІЦЕБСК ГЕНАДЗЯ ЛЕБЕДЗЕВА. ГРАФІКА НЯ/ЗНІКЛАГА ГОРАДА
Это мероприятие уже состоялось.
Выставка 23 Июль 2026 10:00 Заславль

ВІЦЕБСК ГЕНАДЗЯ ЛЕБЕДЗЕВА. ГРАФІКА НЯ/ЗНІКЛАГА ГОРАДА

Гісторыка-культурны музей-запаведнік „Заслаўе“ пры падтрымцы Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура, філіяла Музея гісторыі горада Мінска ВІЦЕБСК ГЕНАДЗЯ ЛЕБЕДЗЕВА. ГРАФІКА НЯ/ЗНІКЛАГА ГОРАДА Часовая экспазіцыя ў калейцы навукова-даследчых праектаў „Этнаграфіка рэчавіду“, прымеркаваная да Дня этнографа (17 ліпеня) Этнаграфія доўгі час успрымалася выключна як „сяляназнаўства“ — навука пра побыт, строі, абрады і гаспадарку вясковага насельніцтва канца XIX – першай паловы XX стагоддзя. Але гэта — толькі адзін, хаця і важны, яе пласт. Сапраўдная этнаграфія — гэта спрэс жыццё ва ўсёй яго паўнаце: у горадзе і вёсцы, у будзённасці і свяце, у будынках і людзях, у тым, што знікла, і тым, што яшчэ трывае. Музейная антрапалогія сёння ўсё часцей звяртаецца не да архаікі як да „застыглага часу“, а да працэсаў, якія фарміруюць гарадскую ідэнтычнасць, памяць месца і эмацыйную геаграфію гараджан. Менавіта такі падыход ляжыць у аснове выставы графічных твораў віцебскага мастака Генадзя Лебедзева. Віцебск XX стагоддзя паўстае перад намі не як статычная паштоўка, а як жывы арганізм, які бесперапынна змяняецца. Знаёмыя вобразы горада — тыя, што захаваліся ў памяці старэйшых генерацыяў, — сёння ўжо не пабачыць такімі, якімі яны былі яшчэ 20–30 гадоў таму. Не пабачыць і таго Віцебска сярэдзіны мінулага стагоддзя, калі горад актыўна перабудоўваўся: знікалі драўляныя дамы з разнымі ліштвамі, мяняліся сілуэты вуліц, на месцы старажытных падворкаў вырасталі новыя кварталы. Мастак Лебедзеў фіксуе гэтыя пераходныя станы — ён фіксуе моманты, калі старое места яшчэ не знікла канчаткова, а новы горад ўжо заяўляе пра сябе. Яго графіка — не фармальная дакументацыя, але сведчанне антраполага, зробленае праз „уключанае назіранне“ за архітэктурай, лініяй вуліц, рытмам двароў і сілуэтаў храмаў — праз усё, што з’яўлялася носьбітам тэмпературы гарадскога жыцця, яго трывогі і надзеі. Віцебск — адзін з самых старажытных гарадоў цяперашняй Беларусі. Па сваім узросце ён займае чацвёртае месца пасля Полацка, Турава ды Заслаўя. Па некаторых жа версіях ён нават другі, саступаючы толькі Полацку. Яго гісторыя — гэта гісторыя ўсёй нашай краіны: тут былі ростані гандлёвых шляхоў, спатыкаліся культуры, фарміраваліся ўнікальныя традыцыі. Аднак не часта людзі звяртаюць ўвагу на тое, што Віцебск поруч з Заслаўем стаяў ля вытокаў дзяржаўнасці нашай зямлі — старадаўняя гісторыя паяднала абодва места Полацкай зямлі. Заслаўе і Віцебск яшчэ ў раннім Сярэднявеччы былі суседзямі па гістарычнай калысцы. Іх лёсы злучаныя не толькі геаграфіяй, але і агульнымі вектарамі развіцця: абодва гарады перажылі ўзлёты, разбурэнні, адраджэнні, абодва сталі сімваламі беларускай духоўнасці і гарадской культуры. Чаму ж выстава пра Віцебск адбываецца менавіта ў Заслаўі? Гэта не выпадкова. Гэта — сімвалічны акт. Бо Заслаўе сёння — не толькі музейны запаведнік, але і прастора, дзе перасякаюцца розныя пласты нацыянальнай памяці. Праводзячы выставы віцебскіх мастакоў у Заслаўі, мы ўсталёўваем дыялог паміж двума старажытнымі гарадамі, нагадваем пра іх агульныя карані. Акрамя таго, сам музейны асяродак Заслаўя — з яго археалагічнымі ландшафтамі, этнаграфічнымі зборамі і краявідамі, што захавалі дух старажытнасці, — стварае ўнікальны кантэкст для ўспрымання урбаністычнай графікі Генадзя Лебедзева. Тут, сярод валоў і курганоў, малюнкі віцебскіх вуліц гучаць асабліва — не як рэпартаж з далёкага горада, а як працяг агульнай гісторыі, адным з эпізодаў якой быў і Віцебск. Такім чынам, выстава „Віцебск Генадзя Лебедзева. Графіка ня/зніклага горада“ становіцца не проста дэманстрацыяй майстэрства Генадзя Лебедзева, але антрапалагічным даследаваннем горада, які сыходзіць у мінулае, і спробай улавіць яго пульс праз лінію, штрых і тон. Графіка Лебедзева тут выступае не як дакументальны доказ, а як унікальны антрапалагічны артэфакт, які фіксуе не толькі бачнае, але і эмацыйнае, тое „рэха даўняга часу“, аўтэнтычны голас горада, які паступова змаўкаў пад грукатам бульдозераў падчас актыўнай перабудовы 1960–1980-х гадоў, але які атрымоўваў свой новы непаўторны голас. Запрашаем гледача паглядзець на Віцебск вачыма этнографа гарадской цывілізацыі — і адкрыць для сябе, што гісторыя не жыве толькі ў дакументах, яна дыхае ў графіцы, якая нас атачае. * * * Мэтай праекта „Віцебск Генадзя Лебедзева. Графіка ня/зніклага горада“ з’яўляецца паказаць горад Віцебск як складаны сацыяльна-культурны арганізм праз графіку Генадзя Лебедзева, выявіць сувязь паміж мастацкім вобразам і гістарычным лёсам гарадской прасторы. Задачы экспазіцыйнага праекта: прэзентаваць графіку Лебедзева як самастойную мастацкую з’яву і як важкую гістарычную крыніцу; візуалізаваць канцэпцыю „архітэктурнай этнаграфіі“, дзе горад выступае жывым арганізмам, які змяняецца пад уплывам часу і палітычных рашэнняў; супрацьпаставіць вобразы „старога“ Віцебска (пачатак – сярэдзіна ХХ ст.), зафіксаваныя Лебедзевым, з сучаснымі (або тымі, што зніклі) рэаліямі, паказаўшы эфемернасць гарадскога асяроддзя; інтэграваць выстаўку ў шырокі кантэкст гісторыі захавання культурнай спадчыны БССР, дзе Віцебск з’яўляецца адным з самых трагічных і, адначасова, узорных прыкладаў. Выстава лагічна дзеліцца на некалькі тэматычных блокаў, якія адлюстроўваюць розныя аспекты гарадскога жыцця і эвалюцыю мастацкага бачання Лебедзева — ад індустрыяльнай гісторыі горада да з’яўлення новых мікрараёнаў „хрушчовак“. Горад тут, у работах Г. Лебедзева, з’яўляецца месцам памяці. Графіка выступае індывідуальным — пры гэтым, адначасова і калектыўным, — успамінам, тым самым „даўнім Віцебскам“, які існуе толькі ў свядомасці старэйшай генерацыі. Гэта — прысвячэнне ідэальнаму (у сэнсе цэласнаму) гораду, які застаўся ў памяці мастака і яго сучаснікаў. Графіка гэтага перыяду адрозніваецца асаблівай цеплынёй і ўвагай да дэталяў. Графічны стыль — дакладны і натурны малюнак, з багатай штрыхоўкай, якая перадае фактуру горада. Тут жа — цэнтральны і найболей драматычны блок выставы, які фіксуе момант сутыкнення старога і новага, жывой гісторыі і бязлітаснай мадэрнасці. А графіка Лебедзева тут — бы дакументальнае расследаванне: з фатаграфічнай дакладнасцю адбітыя выявы будынкаў, цэлых кварталаў і раёнаў горада, якія вось-вось знікнуць. Кантраст паміж ампірнымі асабнякамі і шэрымі панэльнымі „караблямі“. Адчуванне пустэчы — новыя шырокія плошчы на месцы цесных, але душэўных завулкаў. Мастак фіксуе не сам факт разбурэння, а яго наступствы — разрыў сувязі часоў, знікненне звыклага пейзажу, „боль каменя“. Гэта час, калі маятнік аховы спадчыны дасягнуў крайняй кропкі разбурэння. У 1950–1960-я былі узарваныя царква Дабравешчання, Мікалаеўскі сабор… У іншых работах мастак пераключае ўвагу з архітэктуры на чалавека ў прасторы горада, паказваючы, як змены ў горадзе адбіваюцца на жыцці людзей. Тут мы бачым у ягоных графічных аркушах даследаванне паўсядзённасці роднага і вельмі любімага горада. Гэтая графіка паказвае, як прастора фармуе чалавека і як чалавек, у сваю чаргу, ажыўляе прастору. У межах урбаністычнай антрапалогіі, прысвечанай тэме даследавання і прэзентацыі Віцебска, творчасць Генадзя Лебедзева адыгрывае ключавую ролю, бо яна фіксуе тыя працэсы, якія знайшлі адлюстравання ў афіцыйных дакументах і планах перабудовы, але не заўжды і не ў поўнай меры гэтая „храналогія віцебскага часу“ была апублічаная. Больш за тое, шмат якія этапы візуальнай антрапалогіі Віцебска, як ні дзіўна, ужо „забыліся“ і цяпер слаба адлюстроўваюцца ў яго публічнай гісторыі. Па-першае, гэта „архітэктурны зрэз эпохі“. Графіка віцебскага мастака дакладна і аб’ектыўна паказвае забудову, якая знікла пад катком індустрыяльнага будаўніцтва, дазваляючы сучасным даследчыкам рэканструяваць аблічча Віцебска сярэдзіны ХХ ст. Кожны яго малюнак — гэта эквівалент археалагічнага шурфа, які выяўляе пласты гарадской культуры, знішчаныя пазней. Яны могуць быць выкарыстаны як ілюстрацыйны матэрыял для навуковых прац і праектаў рэгенерацыі, стаўшы тым самым „архівам памяці“. Па-другое, выстава сведчыць пра „пераемнасць генерацыяў“. Праз малюнак Лебедзеў не проста выяўляе, а перадае сваю візію, сваю сувязь з родным горадам. Ён станавіцца часткай тэй генерацыі, якая асэнсоўвала страту, а потым і адраджэнне спадчыны. Яго графіка пераклікаецца з працамі архітэктараў і гісторыкаў, якія ў гэты час (канец 1960-х – пачатак 1980-х) пачынаюць актыўна даследаваць беларускі горад як сістэмны арганізм. У яго творах мы бачым горад з ягоным вуліцамі ды завулкамі, пляцамі ды падворкамі не як статычны аб’ект, а жывы асяродак, які развіваецца і хварэе. „Сацыяльная мікрагісторыя“ Лебедзева — пільнага месціча, які любіў свой горад, — паказвае, як змяненне архітэктурнага ландшафту ўплывала на сацыяльны склад насельніцтва. Гэта — візуальная антрапалогія Віцебска, якая дапаўняе сухія статыстычныя дадзеныя аб перасяленні людзей з цэнтра ў новыя мікрараёны. Графіка Лебедзева для Віцебска з’яўляецца сведчаннем эпохі, расказам пра жыццё, якое знікла. Праект „Віцебск Генадзя Лебедзева. Графіка ня/зніклага горада“ — гэта не проста выстава графічных малюнкаў. Перад усім гэта — даследаванне гарадской ідэнтычнасці, якая знаходзіцца ў вечным працэсе станаўлення і разбурэння. Праз графіку аднаго мастака мы можам прасачыць, як пад уплывам ідэалагічных і эканамічных фактараў змяняўся Віцебск на працягу амаль стагоддзя, як фарміраваліся і знікалі яго жылыя раёны, вуліцы, двары, а разам з імі — цэлыя пласты культуры. Выстава накіравана на тое, каб нагадаць пра эфемернасць гарадскога асяроддзя, важнасць яго дакументацыі і неабходнасць адказнага стаўлення да яго захавання. Гэтая канцэпцыя дазваляе паказаць, што тэматыкай выставы з’яўляецца не проста мастацтва, а складаны працэс трансфавання гарадской прасторы, дзе графіка Генадзя Лебедзева выступае як галоўны дакументальны і эмацыйны сведка гэтых змен. Калекцыя графічных работ Генадзя Лебедзева перададзеная Юрыем Рабровым
Когда
Четверг, 23 Июль 2026
10:00
Где Карта
Государственное учреждение «Историко-культурный музей-заповедник „Заславль“»
Заславль
ул. Рыночная, 4, 223036, г. Заславль, Минская область, Республика Беларусь Даведкі і запіс на экскурсіі:
Источники museum.by
Belarus Virtual Consult Assistant AI · public data only