Назад к событиям
Выстава «Беларусь тэатральная» (да 165-годдзя Ігната Буйніцкага)
Ігнат Буйніцкі (1861–1917) лічыцца заснавальнікам беларускага прафесійнага тэатра. У 1910 годзе ён стварыў тэатральны калектыў, які шырока выкарыстоўваў народныя песні і танцы ў драматычных пастаноўках. «Бацька» беларускага тэатра не толькі фінансаваў калектыў і кіраваў ім, але і сам выходзіў на сцэну. Рэпертуар трупы быў разнастайным – ад вясёлых сцэнак і народных танцаў да сур’ёзных п'ес. Тэатр Буйніцкага актыўна гастраляваў па розных гарадах, але спыніў дзейнасць у 1913 годзе.
Беларускі тэатр – гэта жывы арганізм з багатай і драматычнай гісторыяй, якая адлічваецца ад часоў вандроўных скамарохаў і народнай батлейкі. Яна ўвабрала традыцыі магнацкіх тэатраў і школьных пастановак XVI–XVIII стагоддзяў. У XIX стагоддзі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч адным з першых пачаў выкарыстоўваць беларускую мову ў тэатральных пастаноўках. У пачатку ХХ стагоддзя яна гучала ў п'есах першых прафесійных беларускіх труп. Той перыяд – час сапраўднага ўздыму беларускага нацыянальнага тэатра. Значны ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва ХХ стагоддзя ўнеслі класікі беларускай літаратуры і драматургіі (Янка Купала, Якуб Колас, Андрэй Мрый, Францішак Аляхновіч і іншыя). Пасляваенны перыяд падарыў гледачам шэраг знакавых пастановак па творах Андрэя Макаёнка, Івана Шамякіна, Уладзіміра Караткевіча, Аляксея Дударава і іншых. Развіццё беларускага тэатральнага мастацтва непарыўна звязана з імёнамі выдатных дзеячаў сцэны: Стэфаніі Станюты, Галіны Макаравай, Зінаіды Канапелькі, Расціслава Янкоўскага, Мікалая Пінігіна, якія сфарміравалі залаты фонд айчыннай тэатральнай культуры.