Назад к событиям
Часовая экспазіцыя «Слова. Гісторыя. Культура»
У люстэрку роднага слова: выстава да Дня беларускага пісьменства
У музеі пачала працу часовая экспазіцыя «Слова. Гісторыя. Культура». Выстава прымеркавана да святкавання Дня беларускага пісьменства . Ушацкая зямля, якая падарыла свету Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна і Петруся Броўку, стала ідэальнай прасторай для асэнсавання ролі роднага слова. Экспазіцыя паказвае багатую гісторыю рэгіёна праз прызму друкаваных выданняў, асабістых сустрэч і жывых успамінаў.
Прастора выставы аб’яднана вакол трох тэматычных раздзелаў:
«Сузор'е талентаў» — прысвечаны кнігам з аўтографамі знакамітых землякоў – Петруся Броўкі, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Еўдакіі Лось, Генадзя Аўласенкі. Гэтыя каштоўныя рарытэты захоўваюць жывую памяць пра выдатных майстроў слова Ушаччыны.
«Галасы літаратурных сустрэч» — знаёміць з выданнямі, на якіх пакінулі свае аўтографы шматлікія госці раёна, пісьменнікі і даследчыкі, што наведвалі наш маляўнічы край. Сярод іх – Максім Танк, Пімен Панчанка, Уладзімір Караткевіч і іншыя знакамітыя творцы.
«Літаратурныя сустрэчы на Ушаччыне: свята паэзіі, роднай мовы і літаратуры» — маштабны раздзел-хроніка. Ён адлюстроўвае гісторыю мясцовых паэтычных святаў і культурных мерапрыемстваў, якія быліі сапраўдным брэндам рэгіёна.
Выстава «Слова. Гісторыя. Культура» — гэта выдатная магчымасць для жыхароў і гасцей Ушач адзначыць Дзень беларускага пісьменства ў асяроддзі сапраўдных літаратурных скарбаў.