Назад к событиям
NewМАЛЯВАНКArt | Ніна Рубан
Это мероприятие уже состоялось.
Концерт 04 Сентябрь 2026 10:00 Заславль

NewМАЛЯВАНКArt | Ніна Рубан

NewМАЛЯВАНКArt | Ніна Рубан Выстава працуе з 4 верасня 2026. Вернісаж праекта : 12 верасня 2026 а 14-й гадзіне. Дзе : Музей беларускай маляванкі, філіял Запаведніка, па адрасе: вул. Дачная, д. 13, г. Заслаўе. Уваход на вернісаж вольны. Запрашаем усіх аматараў беларускага мастацтва! У рамках новага праекта „NewМАЛЯВАНКArt“ Музей беларускай маляванкі адчыняе дзверы ў свет, дзе народная традыцыя сустракаецца з прафесійным мастакоўскім падыходам і жывой дзіцячай фантазіяй. Экспазіцыя выставы прадстаўляе творчасць беларускага народнага майстра, кіраўніка ўзорнай студыі дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва „Маляванка“ дзяржаўнай установы „Мінскканцэрт“ Ніны Рыгораўны Рубан і яе маленькіх вучняў — тых, хто сёння толькі засвойвае першыя крокі ў маляванцы. Ніна Рубан — прафесійны мастак, архітэктар, народны майстар і адданая захавальніца беларускай народнай спадчыны. Яе візітная картка — унікальная аўтарская серыя „12 паэм аднаго года“, дзе фальклорныя матывы прарастаюць скрозь бездакорнае пачуццё прасторы і саграваюцца цёплым, мацярынскім позіркам на свет. Ніна Рубан нарадзілася, жыве і працуе ў Мінску. У раннім дзяцінстве — усяго ў восем гадоў — яна перажыла цяжкую страту, калі побач не стала мамы. Аднак цеплыню ўзаемаадносінаў, любоў да творчасці і багацце культурных традыцый маленькая Ніна ўвабрала ад блізкіх сваякоў з Расіі і Украіны. У яе памяці назаўжды захаваліся спевы, яркія вобразы і абрады шматаблічнага славянскага свету. Менавіта гэты міжкультурны падмурак пазней лёг у аснову яе самабытнага мастацкага стылю, дзе беларускія матывы гарманічна пераплятаюцца з іншымі славянскімі культурамі. Пасля школы Ніна выбрала прафесію архітэктара і скончыла Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію. Але жыццё распарадзілася так, што на першы план выйшла сям’я і нараджэнне чатырох дзяцей. Спачатку Ніна працавала выхавацелем у дзіцячым садку, затым у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі „Золак“. Менавіта ў „Золаку“ яна адкрыла для сябе „Майстэрню“ — унікальны народны самадзейны калектыў, у якім дзяцей навучалі кераміцы, роспісу і саломапляценню. „Нібы ў казку патрапіла!“ — успамінае мастачка свае першыя ўражанні ад памяшкання студыі, дзе сцены былі распісаныя героямі беларускіх паданняў. Створаная ў няпростыя 1990-я гады, „Майстэрня“ чэрпала сілы з народных каранёў. Тут традыцыі не кансерваваліся, а беражліва перадаваліся з дабаўленнем індывідуальнага почырку кожнага майстры. Для Ніны гэта стала творчым трамплінам, у чым дапамагла калега і знакамітая масцярыца Марына Валянцінаўна Нікіфаровіч. Ніна Рубан засвоіла мноства кірункаў: выцінанку, кераміку, роспіс па шкле. Але па-сапраўднаму яе сэрца пакарыла маляванка, у якой яна ўбачыла магчымасць перадаць „вобраз нябеснага царства святла і дабра“, натхняючыся спадчынай Язэпа Драздовіча і Алены Кіш. Назапашаны за гады працы ў „Майстэрні“ досвед, вопыт іншых майстроў і ўдзел у пленэрах прывялі да яе ўступлення ў Саюз майстроў народнай творчасці. ДНК новага стылю У творчасці Ніны Рубан прафесійная мастацкая адукацыя і народная стыхія творчасці ствараюць магутны сінэргетычны эфект. Яе аўтарскі стыль нарадзіўся на стыку архітэктурнасці мастацкага мыслення, разумення народных вытокаў і ювелірнай увагі да дэталяў. Традыцыйная маляванка — гэта наіўнае мастацтва, якое стваралася мастакамі-самавучкамі часта інтуітыўна, без захавання прапорцый і законаў кампазіцыі. У работах Ніна Рубан адчуваецца прафесійнае прасторавае мысленне, ёсць вывераны кампазіцыйны каркас. За вонкавай лёгкасцю і казачнасцю палотнаў хаваецца строгая архітэктоніка, палічаны баланс паміж цёмным фонам — сімвалам космасу, першароднай пустэчы або начнога неба — і яркімі элементамі кампазіцыі. У яе працах няма хаосу: кожная птушка, кветка ці завіток займаюць сваё дакладнае месца. Як архітэктар, Ніна Рубан бездакорна адчувае рытм узору. Яна выкарыстоўвае законы сіметрыі і асіметрыі, чаргуючы буйныя цэнтральныя сюжэты з дробным арнаментам аблямоўкі так, што палатно пачынае „дыхаць“. Гэта дазваляе яе маляванкам трымаць прастору, становячыся яго галоўным візуальным акцэнтам. А вось той самы „мадэрн“, які адрознівае працы Ніны Рубан ад класічных дываноў Алены Кіш ці Язэпа Драздовіча або традыцыйных работ народных майстроў, нараджаецца ў нюансах і дэталях работ. Мастачка ўскладняе і ўзбагачае традыцыю. Увага да дробязяў вынікае са шматграннасці яе асобы. Досвед у выцінанцы дадаў яе маляванкам графічнасць і сілуэтную выразнасць. Праца з керамікай і шклом навучыла шанаваць фактуру і аб’ём. Тэмперныя фарбы, якімі яна карыстаецца, дазваляюць ювелірна прапрацоўваць дэталі. Найтанчэйшая прамалёўка, дзе адзін колер мякка перацякае ў іншы, з аднаго боку стварае ілюзію свячэння, а з другога — прымушае гледача разглядаць палатно, разгадваць яго як арнаментальны рэбус. Ніна Рубан здзейсніла важны крок у эвалюцыі жанру. Маляванка Драздовіча была мастацтвам філосафа-адзіночкі, маляванка Кіш — чыстым голасам народнай душы. Ніна Рубан аб’яднала гэтыя падыходы. Яна захавала генетычны код і цеплыню народнага мастацтва, але для стварэння сваіх работ выкарыстоўвае прафесійныя інструменты — кампазіцыю, архітэктоніку і ювелірную дэталізацыю. У выніку яе маляванкі перасталі быць проста гістарычнымі экспанатамі і ператварыліся ў актуальныя прадметы сучаснага этна-дызайну, прыклады канцэптуальнага этна-мастацтва. Архітэктура дзіцячай фантазіі Педагагічная дзейнасць Ніны Рубан у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі „Золак“, а сёння ва ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва „Маляванка“ дзяржаўнай установы „Мінскканцэрт“ — гэта жывы ўзор таго, як майстар перадае традыцыі дзеткам. Маляванка па сваёй прыродзе — мастацтва наіўнае, шчырае, і Ніна з самага пачатку свядома адмовілася ад сухога акадэмічнага капіявання. Яна не прымушае сваіх маленькіх студыйцаў перамалёўваць этнаграфічныя ўзоры, не сціскае ў рамках дакладных паўтораў. Замест гэтага вучыць даверу — да саміх сябе, да ўласнага ўяўлення і фантазіі. Распавядае, чаму на маляванках так шмат райскіх птушак, якія таямніцы хавае папараць-кветка. Дае пагартаць кніжкі, каб пашырыць уяўленне аб беларускай архітэктуры, прыродзе. Накіроўвае да разваг: кожная кампазіцыя павінна мець сваю гісторыю. Імкнецца раскрыць унутраны свет кожнага свайго вучня, і гэта нараджае дзівосныя сюжэты: вечаровыя букеты з пахам руж, ранішнія кветкі з адчуваннем свежага паветра і гоманам пчол, бялюткай пары лебедзяў на фоне казачнага палаца… Шмат ёсць і архітэктурных будынкаў — у асноўным беларускіх цэркваў. Потым гэтая гісторыя ажывае на паперы — у шматлікіх эскізах, і гэта даволі працяглы і сур’ёзны этап працы. Апошні акорд — праца на тканіне, дзе маленькія мастакі вучацца шукаць гармонію колераў. Нават займаючыся з зусім маленькімі, Ніна Рубан выкарыстоўвае свае прафесійныя веды архітэктара, але адаптуе іх да дзіцячага ўспрымання — балансуе паміж сур’ёзнай навукай і гульнёй. Тлумачыць, што такое маштаб і форма, і дзеці, нібы маленькія будаўнікі, засвойваюць правілы: як вылучыць цэнтральную фігуру, каб яна трымала на сабе ўвагу гледача, як далікатна аздобіць яе геаметрычнай або расліннай аблямоўкай па краях палатна. Кампазіцыі атрымліваюцца гарманічнымі, закончанымі, выверанымі. Першыя крокі ў маляванцы ператвараюцца ў займальны творчы эксперымент. Традыцыйны цёмны фон маляванак не палохае, а, наадварот, зачароўвае дзяцей як начное неба. А ўзоры ці намаляваныя будынкі на ім нібы зоркі з эфектам „выбліску святла ў цемры“: з дапамогай яркіх тэмперных або гуашавых фарбаў яны прымушаюць малюнак літаральна ззяць, гарэць на цёмным палатне. Стыль працы Ніны Рыгораўны з дзецьмі можна назваць „сутворчасцю“. Яна мякка, цярпліва падштурхоўвае іх да раскрыцця ўласнага ўнутранага свету. Вакол яе студыі заўсёды пануе сапраўдная мацярынская атмасфера — цёплая, поўная клопату. Ніна Рубан стварае прастору, дзе кожны адчувае сябе абароненым і ўпэўненым у сваіх сілах. Тут няма месца страху „зрабіць памылку“ ці „сапсаваць палатно“ — кожная лінія, кожны выпадковы ўзлёт пэндзля можа стаць пачаткам новага цудоўнага адкрыцця мастацтва „маляванкі“. Наталля Шаранговіч мастацтвазнаўца, куратарка выставы
Когда
Пятница, 04 Сентябрь 2026
10:00
Где Карта
Государственное учреждение «Историко-культурный музей-заповедник „Заславль“»
Заславль
ул. Рыночная, 4, 223036, г. Заславль, Минская область, Республика Беларусь Даведкі і запіс на экскурсіі:
Источники museum.by
Belarus Virtual Consult Assistant AI · public data only