Назад к событиям
Аўтарская лекцыя Ірыны Князевай «Выбар ёсць заўсёды. Жаночыя вобразы ў творчасці Васіля Быкава»
Без жаночых вобразаў Васіль Быкаў не пакінуў ніводнага свайго твора. У характары яго гераінь нямала таго, што, верагодна, было звязана з успамінамі пісьменніка пра маці – вельмі мяккага, нават жаласлівага чалавека. Відавочна, менавіта ад маці Быкаў атрымаў у спадчыну душэўную далікатнасць і чуллівасць, здольнасць з выключнай вастрынёй адчуваць і перадаваць людскі боль і трагедыі.
Праўдзівыя, хрысціянскія прынцыпы існавання ў прозе Васіля Быкава нярэдка фармулююць персанажы-жанчыны. У большасці яго твораў яны не выступаюць галоўнымі гераінямі, аднак менавіта іх вуснамі найчасцей гаворыць быкаўская праўда жыцця.
Запрашаем вас узгадаць шэсць твораў Васіля Быкава і сустрэцца з гераінямі гэтых твораў – такімі рознымі і адметнымі ў сваіх думках, пачуццях і ўчынках.
Апавяданне «На сцяжыне жыцця» падарыла нам знаёмства са сціплай і нясмелай
Фрузай
, якая становіцца мужнай і ўпэўненай у сабе, пазнаўшы шчасце мацярынства.
У аповесці «Альпійская балада» перад намі паўстае экзатычная італьянка
Джулія Навеллі
, якая так шчыра і аддана пражывае тры небяспечныя дні ў Альпах разам з ледзь знаёмым хлопцам Іванам з Беларусі, падарыўшы яму першае і апошняе сапраўднае вялікае каханне.
Са старонак адной з самых вострых ваенных аповесцяў – «Мёртвым не баліць» – глядзіць на нас самаадданая і гераічная санітарка
Кацярына Шчарбенка
, якая першай кідаецца на міннае поле, куды не адважваюцца ступаць нават мужчыны, баючыся трапіць у мінную пастку.
Праз аповесць «Пайсці і не вярнуцца» ідзе насустрач жорсткім выпрабаванням сумленная і пяшчотная
Зося Нарэйка
. Яна цвёрда пярэчыць выкрутліваму Антону Галубіну, які ўпарта пераконвае яе, што выбару, каб захаваць жыццё, няма: «…Выбар ёсць: або мы, або яны. Во ў чым наш выбар».
Выключна мужная
Аўгіння Дзёмчыха
з аповесці «Сотнікаў» адмаўляецца ад згоды на супрацоўніцтва з паліцаямі, бо разумее: гэта здрада, якая ніколі не будзе даравана сваімі людзьмі. Побач з ёй – бязвінная ахвяра абставінаў, трынаццацігадовая сірата Бася.
Аповесць «Знак бяды» супрацьпастаўляе пакутным абставінам мужную і рашучую, упартую ў сваім змаганні за справядлівасць
Сцепаніду Багацька
. Яна лічыць за лепшае згарэць разам са сваёй хатай, чым скарыцца і паддацца паліцэйскаму зброду.
Многія сапраўдныя, высакародныя, далікатныя і пяшчотныя жанчыны ў творах пісьменніка гінуць у ваеннай віхуры, якая адлюстравана амаль ва ўсіх яго аповесцях. Так было і ў рэальным жыцці: жанчыны часта станавіліся ахвярамі вайны, бо былі найменш падрыхтаваныя да таго пекла, якім яна з’яўляецца. Праз трагедыю жаночага лёсу ваенная праўда Быкава прагучала з асаблівай выразнасцю і сілай.
Час: 14/10/2026, 19:00.
Кошт: 8 р.
Папярэдні запіс па тэл.: +375 29 811 21 85.
Адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.