Назад к событиям
Выстаўка «Беларускае інсітнае мастацтва: маляваныя дываны і відкі на шкле»
Маляваныя дываны
як накірунак у дэкаратыўным мастацтве Беларусі былі распаўсюджаны ў 1920-х – пачатку 1960-х гадоў. Тэрыторыя, на якой яны бытавалі, мела абмежаваны характар: вёскі, мястэчкі, раённыя цэнтры Беларусі, асабліва Глыбоцкі і Шаркаўшчынскі раёны Віцебскай вобласці, Слуцкі і Салігорскі раёны Мінскай вобласці, а таксама Палессе.
Цяжка дакладна вызначыць вытокі мастацтва маляваных дываноў. Хутчэй за ўсё яно з’явілася і развівалася на традыцыях узорных тканых вырабаў. Росквіт гэтага накірунку ў даваенны і першы пасляваенны час тлумачыцца тым, што інтэнсіўная перабудова вёскі і паляпшэнне інтэр’ера сялянскага жылля патрабавалі новых відаў дэкаратыўнага аздаблення.
Яшчэ адным не менш цікавым накірункам інсітнага мастацтва Беларусі з’яўляюцца
відкі на шкле
(«відкі, відзікі» – ад слова «від») – роспіс фарбамі на шкле. Яны аздаблялі інтэр’еры хат у вёсках, мястэчках, а часам і гарадах у пачатку і сярэдзіне ХХ ст. Нароўні з маляванымі дыванамі, вышытымі ручнікамі і ўзорыстымі тканымі посцілкамі яны выступалі ў якасці аднаго са складнікаў вясковага інтэр’ера. Малюнкі на шкле садзейнічалі паступоваму ператварэнню сялянскай хаты з памяшкання пераважна гаспадарчага характару ва ўласна жылы, эстэтычна цэласны і завершаны інтэр’ер.
На выставе «Беларускае інсітнае мастацтва: маляваныя дываны і відкі на шкле»
прадстаўлены маляваныя дываны аднаго з самых славутых прадстаўнікоў гэтага накірунку – Язэпа Драздовіча, а таксама невядомых аўтараў, знойдзеныя пераважна на тэрыторыі сучаснай Віцебскай вобласці, а таксама відкі на шкле першай паловы ХХ ст. з фонду Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе».
*Выстава падрыхтавана пры дапамозе Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе», які з’яўляецца яе суарганізатарам