Назад к новостям
Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Графічныя афарызмы Міхаіла Лісоўскага»
Это видео уже было отправлено.
Литературное мероприятие 17 Март 2026 16:00

Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Графічныя афарызмы Міхаіла Лісоўскага»

17 сакавіка 2026 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры пачынае працу часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Графічныя афарызмы Міхаіла Лісоўскага”, прысвечаная 95-годдзю з дня нараджэння мастака. Адкрыццё а 16-й гадзіне. Творчасць Міхаіла Якаўлевіча Лісоўскага вызначаецца разнастайнасцю: ён працаваў ў бытавым, пейзажным і партрэтным жанрах, займаўся станкавай графікай. Аднак сапраўдным яго пакліканнем стаў сяброўскі шарж, героямі якога былі, у тым ліку, вядомыя беларускія літаратары, з якімі мастак быў асабіста знаёмы. Дзякуючы Міхаілу Лісоўскаму шарж шчыльна ўвайшоў у беларускую мастацкую практыку і заняў годнае месца сярод іншых жанраў. Лісоўскага лічаць першым беларускім шаржыстам, хоць ён і не быў першапраходцам у гэтым жанры. Вядома, што гумарыстычныя выявы сяброў або сатыра на ворагаў існавалі і раней (з 1940-х гадоў у СССР быў распаўсюджаны тэрмін “сяброўскі шарж”). Аднак менавіта Лісоўскі прысвяціў гэтаму кірунку творчасці асаблівую ўвагу і зрабіў яго папулярным сярод беларускіх мастакоў. Ствараючы партрэт, мастак старанна імкнуўся паглыбіцца ва ўнутраны свет чалавека. Не маючы намеру кагосьці абразіць, ён ствараў вельмі дакладныя і пазнавальныя выявы і ніколі не нажываў ворагаў, бо “тармазіў” сябе на мяжы адкрытай сатыры. У гэтым і адметнасць гумару Лісоўскага – вясёлага, добразычлівага, такога, што не імкнецца высмеяць ці зачапіць “за жывое”. Наадварот, ён дапамагае пазбавіцца ад забабонаў і памылковых уяўленняў пра ўласную знешнасць. Добра ведаючы літаратурную творчасць сваіх герояў, а таксама іх жыццёвыя заслугі і недахопы, Міхаіл Лісоўскі старанна пазбягаў грубай або павярхоўнай сатыры. Часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Графічныя афарызмы Міхаіла Лісоўскага” створана сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, у фондах якой захоўваецца каштоўная калекцыя шаржаў мастака. Значная частка гэтай калекцыі прадстаўлена на выставе ў выглядзе павялічаных лічбавых копій. Наведвальнікі змогуць убачыць своеасаблівую “галерэю” беларускіх літаратараў ХХ стагоддзя – у дасціпных, трапных і вельмі пазнавальных вобразах, створаных мастаком. Гэтыя працы не толькі выклікаюць усмешку, але і раскрываюць атмасферу літаратурнага асяроддзя свайго часу. Выстава будзе цікавая ўсім, хто цікавіцца беларускай літаратурай і мастацтвам, гісторыяй культурнага жыцця краіны, а таксама аматарам графікі, карыкатуры і сяброўскага шаржу. Партнёр праекта – навуковы і метадычны часопіс “Роднае слова”. Выстава будзе працаваць да канца 2026 года. Уваход вольны. Куратар – загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела І.Р.Князева. Тэл. +375 17 395 44 47.
Когда
Вторник, 17 Март 2026
16:00
Где Карта
Учреждение «Государственный музей истории белорусской литературы»
Литературный музей Максима Богдановича (г. Минск, ул. Богдановича, 7а);
Источники museum.by