Назад к событиям
Выстава графікі Арлена Кашкурэвіча з цыкла «Знаёмства з калекцыямі»
Выстава графікі
народнага мастака Беларусі
Арлена Кашкурэвіча з цыкла «Знаёмства з калекцыямі»
прадстаўляе частку музейнага збору Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
Беларуская школа графікі – адна з лепшых на постсавецкай і еўрапейскай прасторах. Творам беларускіх мастакоў-графікаў уласцівыя тэхнічная дасканаласць і глыбіня мастацкіх вобразаў і пачуццяў. На выставе прадстаўлены 18 графічных аркушаў, якія выкананы ў тэхніках літаграфіі і малюнка тушшу.
У кагорце заснавальнікаў сучаснага беларускага мастацтва асаблівае месца належыць Арлену Кашкурэвічу. Разам з паплечнікамі ён прымаў самы актыўны ўдзел у зацвярджэнні сучасных эстэтычных ідэалаў, новых тэм і вобразаў, мастацкіх сродкаў і форм, уласцівых графіцы.
З вялікім захапленнем мастак працаваў у жанры кніжнага знака і мініяцюры. Ім выкананы не адзін дзясятак экслібрысаў для выдавецтваў, грамадскіх і прыватных бібліятэк пераважна ў тэхніцы лінагравюры.
Працуючы ў тэхніцы станковай графікі, мастак шмат увагі надаваў стварэнню вялікіх графічных цыклаў.
Асоба Арлена Кашкурэвіча, мастака-інтэлектуала, займае значнае месца ў беларускім мастацтве і выклікае непадробную цікавасць у грамадстве актуальнасцю, праблематычнасцю, драматызмам яго твораў.
Выстава будзе працаваць у экспазіцыі Мастацкай галерэі
з 30 красавіка 2026 г. па 30 красавіка 2027 г.