Назад к событиям
Літаратурнае падарожжа «1.1.1»
28 чэрвеня
адбудзецца штогадовы праект-падарожжа "1.1.1", у гэтым годзе ён прымеркаваны да 121-годдзя з дня нараджэння Петруся Броўкі і прысвечаны тром беларускім творцам ушацкага паходжання з заслужаным званнем народны – Петрусю Броўку, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну.
Нас чакаюць бацькоўскія хаты: Рыгора Барадуліна – ва Ушачах, Васіля Быкава – у Бычках, Петруся Броўкі – у Пуцілкавічах. Накіроўваючыся на поўнач Беларусі, маючы за вакном неверагодна прыгожыя краявіды Віцебшчыны, мы атрымаем задавальненне ад вершаў і прозы, якія будуць гучаць нон-стоп у выкананні саміх жа вандроўнікаў.
Першы прыпынак нас чакае ля невялікай, але знакавай крыніцы, якую літаратары называлі “броўкавай”. З успамінаў вядома, што па лепельскай дарозе на родную Ушаччыну ля крыніцы непадалёку ад рэчкі Эса на працягу ўсяго жыцця заўсёды спыняўся Пятрусь Броўка. Гэтую ж добрую традыцыю ён перадаў паэтам і пісьменнікам, якія ездзілі гэтай дарогай дадому, – Алесю Савіцкаму, Генадзю Бураўкіну, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну і інш. Выдатная магчымасць наталіцца жывой вадой з “крыніцы паэтаў”!
Ва Ушачах пад знакамітым “бацькоўскім вязам” Барадуліна мы зможам шчырым словам узгадаць дзядзьку Рыгора, зайсці ў дом, дзе сёння ўсе рэчы памятаюць паэта і нагадваюць пра яго асобу, а таксама пакаштаваць традыцыйнага ўшацкага хлеба. Важным пунктам ва Ушачах будуць мясцовыя могілкі, дзе знайшоў вечны спачын Рыгор Барадулін. Мы пабачым валун з высечаным на ім крыжом, які быў пастаўлены па просьбе ў вершы самога паэта ў якасці надмагільнага помніка восенню 2015 года.
У вёсцы Бычкі нас чакае Сядзіба-музей Васіля Быкава, у якой можна ўбачыць унікальныя прадметы, знойдзеныя на месцы бацькоўскай хаты Васіля Быкава. Сярод іх – ліст, дзякуючы якому сястра Быкава Валянціна зразумела, што брат – жывы. Ён быў датаваны пазней, чым пахавальная, якая заўчасна запісала Васіля Быкава ў шэрагі загінулых.
Апошняй кропкай у падарожжы стане загадкавая вёска Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся Пятрусь Броўка. Мы пазнаёмімся з Хатай-музеем Петруся Броўкі, у шчырай кампаніі добрых людзей абмяняемся ўражаннямі, якія атрымаем за цэлы дзень вандроўкі па Віцебшчыне, з’ядзім суп па-ўшацку.
Колькасць месцаў абмежаваная!
Заявіць пра свой удзел у падарожжы можна па тэлефоне: (017) 342-09-81.
Кошт – 70 руб. (аплата толькі наяўнымі).
Дадаткова на месцы аплочваецца наведванне экспазіцыі Сядзібы-музея Васіля Быкава з экскурсіяй – 3,5 руб. наяўнымі.
ДЭДЛАЙН падачы заявак – 26 чэрвеня!
ПРАГРАМА ЛІТАРАТУРНАГА ПАДАРОЖЖА “1.1.1”
(28 чэрвеня 2026 г.)
6.45 Збор удзельнікаў на паркоўцы паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і ЖК “Маяк Мінска” (ст. метро “Усход”).
7.00-9.40 Пераезд да “Крыніцы паэтаў”.
9.40-10.10 Наведванне “Крыніцы паэтаў”.
10.10-11.00 Пераезд да дома Рыгора Барадуліна. Нон-стоп чытанні.
11.00-13.00 Наведванне дома Рыгора Барадуліна.
13.00-13.30 Наведванне г.п. Ушачы (помнікі Р.Барадуліну і В.Быкаву)
13.30-13.35 Пераезд да могілак, дзе пахаваны Рыгор Барадулін.
13.35-14.00 Ускладанне кветак да магілы Рыгора Барадуліна.
14.00-15.00 Пераезд да Сядзібы-музея Васіля Быкава. Нон-стоп чытанні. Агляд касцёла св. Веранікі ў в. Селішча.
15.00-16.00 Наведванне Сядзібы-музея Васіля Быкава.
16.00-17.00 Пераезд да Хаты-музея Петруся Броўкі. Нон-стоп чытанні.
17.00-19.00 Наведванне Хаты-музея Петруся Броўкі. Ускладанне кветак да помніка маці Петруся Броўкі Алены Сцяпанаўны.
19.00-22.00 Вяртанне ў Мінск.
Каб напоўную атрымаць асалоду ад падарожжа,
неабходна мець пры сябе
:
Добры настрой.
Кубак, каб піць з крыніцы.
Талерку з лыжкай, каб паесці суп па-ўшацку.
Кветкі (з крамы, з поля, з лецішча) для ўскладання на магіле Р.Барадуліна і ля помніка А.Броўкі.
Вершы П.Броўкі, Р.Барадуліна, урыўкі з прозы В.Быкава, якія вам даспадобы.
Рэпеленты (камары ў Пуцілкавічах вельмі любяць свежаніну).
Вада, ежа.
Таксама маецца магчымасць замовіць сабе ўшацкага хлеба
. Падрабязней па тэлефоне (017) 342-09-81.