Назад к новостям
Пятрусь Броўка. Маё ХХ стагоддзе
Наша выстава распавядае пра тое, як змяняецца чалавек разам з часам: ад імпульсіўнай маладосці, веры ў пераўтварэнне свету і літаратурны эксперымент — да сталасці, адказнасці, сумненняў і споведзі. Асновай экспазіцыі сталі шэсць зборнікаў лірыкі Петруся Броўкі, якія можна чытаць як дзённікі эпохі: “Гады́ як шторм”, “Шляхамі баравымі”, “А дні ідуць…”, “Пахне чабор”, “Між чырвоных рабін”, “І маладосць і сталасць”.
Першы зборнік “Гады́ як шторм” (1930) пра маладое пакаленне савецкай Беларусі. Пятрусь Броўка дэкларуе, што яго пазіцыя як паэта — актыўны ўдзел у жыцці грамадства. Не сузіральнасць і пасіўнасць, а барацьба за станаўленне новага. Броўка, як і многія маладыя паэты таго часу, верыў, што яны ствараюць узоры новага мастацтва і імкнуўся ўвайсці ў літаратуру як рэфарматар і наватар.
У зборніку “Шляхамі баравымі” (1940) аформіўся ўласны броўкаўскі стыль, у якім прырода з’яўляецца дзейсным сродкам філасофскага асэнсавання і пазнання рэчаіснасці. Пятрусь Броўка, згодна прыкладу Якуба Коласа, робіць уласную спробу ўбачыць прыроду і яе жыццё знутры.
Зборнік “А дні ідуць…” (1962) адносіцца да найбольш актыўнага перыяду ў грамадскай дзейнасці П.Броўкі. У вершах паэт шчыра цікавіцца пытаннямі ўзаемаадносін людзей, сэнсу чалавечага існавання, барацьбы за мір і раззбраенне.
У гэты перыяд выдаецца і зборнік “Пахне чабор” (1959). Пятрусь Броўка жыва адгукаецца на жыццё вакол яго. Але творчасць паэта не абмяжоўваецца толькі грамадзянскай лірыкай. Назву зборнік атрымаў ад верша, які з’яўляецца выдатным творам інтымнай лірыкі ў нашай паэзіі.
Зборнік “Між чырвоных рабін” (1969) напісаны ў перыяд, які вылучыўся сур’ёзнымі зменамі ў жыцці Петруся Броўкі — сыход з пасады старшыні Саюза пісьменнікаў БССР і пачатак новай дзейнасці па стварэнню Беларускай савецкай энцыклапедыі.
Зборнік “І маладосць і сталасць” (1980) стаў апошнім прыжыццёвым выданнем П.Броўкі. Для вершаў апошняга дзесяцігоддзя паэта характэрны думкі пра перажытае, падсумаванне гадоў, імкненне паспавядацца перад самім сабой i чытачамі. Адначасова ён адмаўляў песімізм і дэклараваў аптымістычную веру ў розум чалавека. У творах паэта становіцца зразумелым, што ix аўтар прадчуваў — жыццё, адмеранае яму лёсам, набліжаецца да свайго канца.
Кожны з гэтых зборнікаў — не проста літаратурны перыяд, а стан: шумны горад і вера ў новае, цішыня бору і ўцёкі на прыроду, досвед грамадскай дзейнасці і самоты ўнутранага голасу, памяць пра каханне, якое не адбылося, і боль стратаў, што не маюць тэрміну даўніны.
Выстава працуе да 1 лістапада 2026 года.
Па выставе можна замовіць куратарскую экскурсію па тэлефоне (017) 342-09-81 ці праз Instagram @museum.brouka.