Назад к событиям
V літаратурна-музычны фестываль «Цімкавіцкія вытокі»
20 чэрвеня ў Цімкавічах Капыльскага раёна адбудзецца V літаратурна-музычны фестываль «Цімкавіцкія вытокі», прысвечаны дню нараджэння класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага – яскравага прадстаўніка беларускай прозы, таленавітага драматурга і публіцыста, літаратурнага крытыка і перакладчыка. Родная вёска Цімкавічы, дзе вучыўся і гадаваўся пісьменнік, яе прырода, гаворка і побыт аднавяскоўцаў вельмі моцна паўплывалі на творчасць Кузьмы Чорнага, які зазначаў:
“дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма”
. Многія аднавяскоўцы сталі героямі яго твораў.
“Мне б на ўсё жыццё хапіла апісваць цімкаўцаў”
, – часта гаварыў пісьменнік.
Свята ладзіцца ў філіяле “Літаратурны музей Кузьмы Чорнага” і на прылягаючых тэрыторыях сумесна з Капыльскім райвыканкамам і ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Час правядзення: 16:00 – 21:00.
Сёлета музычная праграма юбілейных «Цімкавіцкіх вытокаў» абяцае быць насычанай. На галоўнай сцэне выступяць народны сямейны ансамбль «Жывіца» з Пухавіцкага раёна, артыстка беларускай эстрады Святлана Шыманская, гурт «Двое», а таксама творчыя калектывы Капыльшчыны.
Як і ў папярэднія гады, гасцей чакаюць сустрэчы з вядомымі і маладымі пісьменнікамі, музейныя квэсты і квізы, майстар-класы, інтэрактыўныя пляцоўкі для дзяцей і дарослых.
У Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага пройдуць экскурсіі і традыцыйнае чаяванне «Каля самавара Кузьмы Чорнага», дзе можна будзе даведацца пра старонкі з жыцця класіка і адчуць асаблівую атмасферу гасціннасці, якой славяцца Цімкавічы.
Таксама на свяце будуць працаваць выставы-продажы майстроў народнай творчасці, выставы сельскагаспадарчых арганізацый Капыльскага раёна з дэгустацыяй страў беларускай кухні, кропкі грамадскага харчавання.
Запрашаем усіх аматараў літаратуры, музыкі ды падарожжаў у Цімкавічы! Вы пабываеце ў вёсцы са старадаўняй гісторыяй, пазнаёміцеся з музеем Кузьмы Чорнага, незабыўна правядзеце час на свежым паветры за вершамі, спевамі ды танцамі. І ўсё гэта – у творчай, гасціннай атмасферы, у прыязнай і каларытнай кампаніі мясцовых жыхароў.
Падрабязная праграма з’явіцца неўзабаве
.
Музей арганізуе транспарт на мерапрыемства па маршруце Мінск-Цімкавічы-Мінск.
Квіткі – 35р.
Браніраванне месцаў: +375 (17) 363-94-65. Квіткі можна набыць у касе ДМГБЛ па адрасе г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 13 або па спасылцы
https://afisha.relax.by/festivali/11160564-v-l-taraturna-muzychny-festyvaly-c-mkav-ck-ja-vytok-/minsk/
.